Залаты ключык, або Прыгоды Бурацiны (на белорусском языке)
Здалёку даляталi страшэнны лямант i вiск, - гэта Артамон i Бурацiна, вiдаць, дорага прадавалi сваё жыццё.
- Баюся, баюся! - паўтарала Мальвiна i лiсточкам лопуху ў роспачы закрывала мокры твар.
П'еро спрабаваў суцешыць яе вершамi:
Мы на купiнцы сядзiм
I на кветачкi глядзiм,
Жоўтыя, блiскучыя,
Да чаго ж пахучыя.
Будзем жыць мы лета
На купiнцы гэтай,
Жыць адны мы будзем
На здзiўленне людзям...
Мальвiна затупала на яго нагамi:
- Вы мне абрыдлi, абрыдлi, хлопчык!.. Сарвiце свежы лопух, - хiба ж не бачыце - гэты ўвесь прамок i ўвесь на дзiрках.
Раптам шум i вiск удалечынi зацiхлi. Мальвiна павольна пляснула рукамi:
- Артамон i Бурацiна загiнулi...
I кiнулася тварам на купiну, у зялёны мох.
П'еро бесталкова затупаў каля яе. Вецер цiха пасвiстваў мяцёлкамi чароту.
Нарэшце пачулiся крокi. Бясспрэчна, гэта iшоў Карабас Барабас, каб груба схапiць i засунуць у свае бяздонныя кiшэнi Мальвiну i П'еро. Чарот расхiнуўся, - i з'явiўся Бурацiна: нос - тырчком, рот да вушэй. За iм накульгваў падрапаны Артамон з двума клункамi цераз спiну...
- Бач ты iх - захацелi са мной бiцца! - сказаў Бурацiна, не звяртаючы ўвагi на радасць Мальвiны i П'еро. - Што мне кот, што мне лiсiца, што мне палiцэйскiя сабакi, што мне сам Карабас Барабас - цьфу! Дзяўчынка, узлазь на сабаку, хлапчук, трымайся за хвост. Пайшлi...
I ён мужна пакрочыў па купiнах, локцямi рассоўваючы чарот, - вакол возера на той бок...
Мальвiна i П'еро не адважылiся нават спытаць яго, чым закончыўся бой з палiцэйскiмi сабакамi i чаму за iмi не гонiцца Карабас Барабас.
Калi дабралiся да таго берага возера, высакародны Артамон пачаў скуголiць i кульгаць на ўсе лапы. Трэба было зрабiць прывал, каб перавязаць яму раны. Пад вялiзнымi карэннямi сасны, якая расла на камянiстым пагорку, убачылi пячору. Туды зацягнулi клункi, i туды ж запоўз Артамон.
Высакародны сабака спачатку аблiзваў кожную лапу, потым працягваў яе Мальвiне. Бурацiна раздзiраў Мальвiнiну старую кашулю на бiнты. П'еро iх трымаў, Мальвiна перавязвала лапы.
Пасля перавязкi Артамону паставiлi градуснiк, i сабака спакойна заснуў.
Бурацiна сказаў:
- П'еро, марш да возера, прынясi вады.
П'еро паслухмяна паклыпаў, мармычучы вершы i спатыкаючыся, па дарозе згубiў вечка i прынёс вады толькi на дне чайнiка.
Бурацiна сказаў:
- Мальвiна, збегай назбiрай галля для вогнiшча.
Мальвiна з дакорам паглядзела на Бурацiна, пацiснула плечыкам i прынесла некалькi сухiх сцяблiнак.
Бурацiна сказаў:
- Вось насланнё з гэтымi добра выхаванымi...
Сам прынёс вады, сам назбiраў галля i сасновых шышак, сам расклаў каля ўвахода ў пячору агонь, такi шумлiвы, што захiсталiся галiнкi на высокай сасне. Сам зварыў какавы на вадзе.
- Жыва! Сядайце снедаць...
Мальвiна ўвесь гэты час маўчала, сцяўшы губы. Але цяпер яна сказала вельмi цвёрда, дарослым голасам:
- Не думайце, Бурацiна, што калi вы бiлiся з сабакамi i перамаглi, выратавалi нас ад Карабаса Барабаса i ў далейшым паводзiлi сябе мужна, дык гэта пазбаўляе вас ад неабходнасцi мыць рукi i чысцiць зубы перад ядой...
Бурацiна так i сеў: вось табе i маеш! - вылупiў вочы на дзяўчынку з жалезным характарам.
Мальвiна выйшла з пячоры i пляснула ў далонi:
- Матылькi, вусенi, жукi, жабы...
Не прайшло хвiлiны - прыляцелi вялiкiя матылькi, запэцканыя пылком з кветак. Прыпаўзлi вусенi i панурыя жукi-гнаевiкi.
На жыватах прышлёпалi жабы...
Матылькi, уздыхаючы крыльцамi, селi на сцены пячоры, каб унутры было прыгожа i каб зямля, што асыпалася, не трапляла ў страву.
Жукi-гнаевiкi згортвалi ў шарыкi ўсё смецце на дне пячоры i выкiдвалi iх прэч.
Тлусты белы вусень успоўз на галаву Бурацiна i, звесiўшыся з яго носа, выцiснуў крыху пасты яму на зубы. Хочаш не хочаш, прыйшлося iх пачысцiць.
Другi вусень пачысцiў зубы П'еро.
З'явiўся заспаны барсук, падобны на калматае парася... Ён браў лапай карычневых вусеняў, выцiскаў з iх карычневую пасту на абутак i хвастом вельмi добра вычысцiў усе тры пары чаравiкаў - у Мальвiны, Бурацiна i П'еро.
Пачысцiўшы, пазяхнуў: а-ха-ха, - i пайшоў, перавальваючыся з боку на бок.
Заляцеў мiтуслiвы, стракаты, вясёлы ўдод з чырвоным чубком, якi ўставаў дыбам, калi ён з чаго-небудзь дзiвiўся.
- Каго прычасаць?
- Мяне, - сказала Мальвiна. - Зрабiце завiўку i прычашыце, я раскудлачана...
- А дзе ж люстэрка? Паслухайце, душачка...
Тады лупавокiя жабы сказалi:
- Мы прынясём...
Дзесяць жаб зашлёпалi жыватамi да возера. Замест люстэрка яны прывалаклi люстранога карпа, такога тлустага i санлiвага, што яму было ўсё роўна, куды яго цягнуць пад плаўнiкi.
Карпа паставiлi на хвост перад Мальвiнай. Каб ён не задыхаўся, яму ў рот лiлi з чайнiка ваду.
Мiтуслiвы ўдод завiў i прычасаў Мальвiну. Асцярожна ўзяў са сцяны аднаго з матылькоў i прыпудрыў iм нос дзяўчынкi.
- Гатова, душачка...
I - ффрр! - стракатым клубком вылецеў з пячоры.
Жабы зацягнулi люстранога карпа назад у возера. Бурацiна i П'еро - хочаш не хочаш - вымылi рукi i нават шыю.
Мальвiна дазволiла сесцi снедаць.
Пасля снедання, змахнуўшы крошкi з каленяў, яна сказала:
- Бурацiна, мой дружа, мiнулы раз мы з вамi спынiлiся на дыктанце. Прадоўжым урок...
Бурацiна захацелася выскачыць з пячоры - куды вочы глядзяць. Але нельга ж было кiнуць бездапаможных таварышаў i хворага сабаку! Ён прабурчаў:
- Пiсьмовых прылад не ўзялi...
- Няпраўда, узялi, - прастагнаў Артамон. Дапоўз да клунка, зубамi развязаў яго i выцягнуў бутэлечку з чарнiлам, пенал, сшытак i нават маленькi глобус.
- Не трымайце ручку сутаргава i вельмi блiзка да пяра, iнакш вы выпацкаеце пальцы ў чарнiла, - сказала Мальвiна. Узняла прыгожанькiя вочы да столi пячоры на матылькоў i...
У гэты час пачуўся хруст галля, грубыя галасы, - мiма пячоры прайшлi прадавец лячэбных п'явак Дурамар i Карабас Барабас, якi ледзь валок ногi.
На лбе ў дырэктара тэатра лялек чырванеў вялiзны гуз, нос распух, барада касмылямi i выпацкана смалой.
Вохкаючы i адплёўваючыся, ён гаварыў:
- Яны далёка не маглi ўцячы. Яны дзе-небудзь тут, у лесе.
Нягледзячы нi на што, Бурацiна вырашае выведаць у Карабаса Барабаса таямнiцу залатога ключыка
Карабас Барабас i Дурамар павольна прайшлi мiма пячоры.
У часе бою на раўнiне прадавец лячэбных п'явак, дрыжучы ад страху, сядзеў за кустом. Калi ўсё скончылася, ён пачакаў, пакуль Артамон i Бурацiна не схаваюцца ў густой траве, i тады толькi ледзь-ледзь ададраў ад ствала iтальянскай сасны бараду Карабаса Барабаса.
- Ну i даў жа вам хлапчук, - сказаў Дурамар. - Прыйдзецца вам паставiць на патылiцу два тузiны самых лепшых п'явак...
Карабас Барабас зароў:
- Сто тысяч чарцей! Хутчэй у пагоню за нягоднiкамi!..
Карабас Барабас i Дурамар пайшлi па слядах уцекачоў. Яны рассоўвалi рукамi траву, аглядалi кожны куст, абмацвалi кожную купiну.
Яны бачылi дымок вогнiшча каля карэнняў старой сасны, але iм i ў галаву не прыйшло, што ў гэтай пячоры хавалiся драўляныя чалавечкi ды яшчэ расклалi агонь.
- Гэтага нягоднiка Бурацiна разрэжу складаным нажом на кавалачкi, - бурчаў Карабас Барабас.
Уцекачы прытаiлiся ў пячоры.
Што цяпер рабiць? Уцякаць? Але Артамон, увесь забiнтаваны, моцна спаў. Сабака павiнен быў спаць дваццаць чатыры гадзiны, каб загаiлiся раны.
Няўжо ж пакiнуць высакароднага сабаку аднаго ў пячоры?
Не, не, ратавацца - дык усiм разам, гiнуць - дык усiм разам...
Бурацiна, П'еро i Мальвiна ў глыбiнi пячоры, уткнуўшыся насамi, доўга раiлiся. Вырашылi: перачакаць тут да ранiцы, уваход у пячору замаскiраваць галлём i, каб хутчэй паправiўся Артамон, зрабiць яму спажыўную клiзму.
Бурацiна сказаў:
- Я ўсё-такi хачу, чаго б гэта нi каштавала, даведацца ў Карабаса Барабаса, дзе тыя дзверцы, якiя адмыкае залаты ключык. За дзверцамi захоўваецца штосьцi цудоўнае, дзiвоснае. I яно павiнна прынесцi нам шчасце...